БЕ́РЫНГАВА МО́РА,
паўзамкнёнае мора Ціхага ак. паміж Азіяй на З, Паўн. Амерыкай на У, Алеуцкімі і Камандорскімі а-вамі на Пд. Берынгавым прал. злучана з Чукоцкім м. Пл. 2315 тыс. км², найб. глыб. 5500 м. Залівы: Анадырскі, Брыстольскі, Нортан, Алютарскі. Самыя вял. а-вы: Св. Лаўрэнція, Нунівак, Прыбылова, Карагінскі. Берагі моцна парэзаныя, усх. — нізінныя, зах. — пераважна гарыстыя. Упадаюць рэкі Анадыр і Юкан. Клімат на Пн арктычны і субарктычны з адметнымі рысамі кантынентальнасці, на Пд умераны марскі. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пд 2 °C, на Пн ніжэй за -1 °C, у жніўні 5—6 °C на Пн і 9—10 °C на Пд. Большую ч. года ўкрыта плывучымі льдамі. Салёнасць 28—33‰. Прылівы на ПнЗ паўсутачныя, на астатняй плошчы — няправільныя паўсутачныя (да 8,3 м у Брыстольскім зал.). Берынгаву мору ўласціва з’ява свячэння мора. Рыбалоўства (ласасёвыя, камбала, селядзец, сайра, мінтай); промысел марскіх коцікаў, цюленяў. На берагах і астравах птушыныя «базары». Гал. парты: Анадыр, Правідзення (Расія), Ном (ЗША). Названа ў гонар В.Берынга.
т. 3, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)